galinaeditor (galinaeditor) wrote,
galinaeditor
galinaeditor

Адпачынак у Баўгарыі. Харчаваньне

Працягваю.
Калі для Турцыі трэба браць пуцёўку хаця б з двума на дзень гарантаванымі прыёмамі ежы ў рэстаране гатэлю, дык для Баўгарыі можна браць пуцёўку ўвогуле без харчаваньня. Але такіх няма! Давялося браць BB (bed and breakfast), сьняданкі – швэдзкі стол.

[галодным ніхто не застанецца]Калі вы адпачывалі ў Турцыі ці Эгіпце, ня варта чакаць, што ў Баўгарыі вам будзе такі самы швэдзкі стол. Забудзьце! Лепш параўноўвайце з Крымам – во тады Баўгарыя падасца раем. Бо вы можаце выбіраць паміж:

- мюсьлі з малаком,
- мюсьлі зь несалодкім ёгуртам,
- кукурузныя шматкі з малаком,
- кукурузныя шматкі зь несалодкім ёгуртам,
- сочыва алычовае,
- сочыва трускалкавае,
- сочыва невядома-з-чаго.

Гэта быў асобны столік. А калі вы не аматар сьняданкаў зь мюсьлі і шматкоў (я дома бываю аматарам, але ж тут так шмат гародніны, дык навошта мне тыя мюсьлі!), тады пойдзем уздоўж выцягнутага стала-вітрыны і будзем выбіраць:
- яечня смажаная (адразу і не пазнаць, што гэта такое, бо ніякіх жоўтых “вачэй” няма і блізка: усё перамяшанае і выглядае як белыя камякі невядома чаго, таму запомніце: гэта – яечня!),
- сардэлькі вараныя (або трохі падсмажаныя колцы варанай каўбасы),
- макарона,
- кэтчуп,
- грэнкі смажаныя,
- памідоры нарэзаныя,
- агуркі нарэзаныя,
- салодкія баўгарскія перцы нарэзаныя,
- капуста белакачановая шаткаваная,
- капуста чырвонакачановая шаткаваная,
- цыбуля, нарэзаная колцамі,
- сыр брынза,
- алей (то сланечнікавы, то кукурузны, то зьмяшаны),
- сыр цьвёрды нарэзаны,
- салодкія булачкі,
- салодкае печыва.
А аднаго разу не было кэтчупу – тады я зьвярнулася да хлопцаў, якія прыбіраюць з сталоў, дык нам прынесьлі талерку кэтчупу прама на стол, сказаўшы, што на сёньня гэта апошні кэтчуп.

Аліўкавае дрэва ў Бургасе
IMG_4825

IMG_4824

Ці ўсё я пералічыла? А, забылася на садавіну! Дэсэрт, у адрозьненьне ад іншых складнікаў сьняданку, амаль заўсёды чаргаваўся: нарэзаныя яблыкі, нарэзаныя кавуны, сьлівы, вінаград, пэрсікі, дыні. І, дарэчы, адразу ля ўваходу стаяць ёмістасьці: адна – з ахалоджаным саладкаватым напоем, нечым падобным на сок, другая – проста з вадою. Пі сабе колькі хочаш, хоць лопні. Можна нават наліць сабе кіпеню – ён стаіць трохі далей, побач зь ёмістасьцямі з кавай і гарбатай.
І ўсё-ткі пералічыла ня ўсё... Гарбата і кава, во! Ну, гэта асобная песьня. Хто быў у Баўгарыі, той зразумее, якая гэта песьня, а хто ня быў – абавязкова трэба быць падрыхтаваным, бо тое, што вы возьмеце, мяркуючы, што гэта кава і гарбата, ні выглядам, ні пахам, ні смакам і блізка не нагадвае той напой, які мы звычна называем кавай і гарбатай. Толькі ня плюйцеся, калі ласка! Спачатку набярыце ў рот трошачкі-трошачкі і пасмакуйце, каб разабрацца, ці вы зможаце піць гэта далей. Яно ня страшнае, яно нічым ня пахне і практычна ня мае ніякага смаку, так што моцна хвалявацца няма прычыны. Нават рызыкну выказаць здагадку, што тамашняя гарбата – гэта тое, што атрымліваецца пасьля таго, як апаласнуць пасудзіну з тым, што ў іх завецца кавай.

Нечаканай папулярнасьцю карыстаюцца ў адпачывальнікаў тэлефоны-аўтаматы
IMG_4928

Ну, я бяз кавы не ўяўляю пачатак свайго дня, таму адразу ж пасьля першага сьняданку набыла сабе ў краме бляшанку распушчальнай кавы. На наступны дзень я ўзяла тую бляшанку з сабой на сьняданак і, як каралева, піла зь іхным печывам, іхным цукрам і іхным малаком адносна смачны напой. І што вы думаеце? Калі хлопцы прыбіралі з стала скарыстаны посуд, я нават не заўважыла, як яны зьлізнулі маю бляшанку кавы! Пакуль даела свой дэсэрт, я пра каву і ня ўспомніла, а потым было позна: ніхто нічога ня ведае, ніхто ніякай кавы ня бачыў.

І тады я ўзяла паперчыну і напісала скаргу ўласьніку гатэлю! Бо нельга так зьдзекавацца зь людзей, якія спадзяюцца піць у рэстаране гатэлю больш-менш прыстойныя напоі, а не гэтыя невядома з чаго зробленыя сумесі вады і чагосьці. Трэба адзначыць, што наша куратарша, якая сустрэла нашу групу ў дзень прыезду і распавяла падрабязна пра курорт і гатэль, сказала зьвяртацца да яе зь любымі пытаньнямі, датычнымі адпачынку. Дачакаўшыся прыёмнага часу, я ўрачыста аддала куратаршы сваю паперку (расказаўшы заадно і пра нечаканае зьнікненьне маёй асабістай кавы) – і стала чакаць вынікаў.

Наступным ранкам мы дзеля перасьцярогі ўзялі з сабой у рэстаран гатэлю толькі два пакецікі пакетаванай гарбаты. Такім чынам мы пазбавілі злодзеяў магчымасьці “зьлізаць” яшчэ што-небудзь з таго, што дрэнна ляжыць :) А празь дзень я наважылася паспытаць рэстараннай кавы, бо вельмі карцела даведацца, ці будзе хоць-які вынік з маёй скаргі. Вынік быў!!! Кава пахла кавай – і гэта была перамога! Нават смак напою трохі напамінаў сапраўдную каву. Так што магу параіць: пішыце пісьмы скаргі! А для лянівых магу параіць набываць каву ў бары каля рэсэпшэну – там яна смачная, толькі порцыі маленькія.

Мясцовы Брадвэй увечары
IMG_4829

IMG_4828

А цяпер выберамся з гатэлю і паглядзім у бакі, бо не сьняданкамі адзінымі жыве чалавек. Каля гатэлю – бар-барбекю, і за рогам – піцы на ўсе густы, і ў трох кроках – куры-грыль (можна на месцы, можна і з сабой – тады завярнуць у фольгу), і там – рэстаран, і тут – нейкая кафэшка, і яшчэ, і ячшэ... І яшчэ ў супэрмаркетах розныя гатовыя стравы – за вельмі прыемныя кошты. Я чэкі прывезла з сабой, а як жа! Не магу ж я помніць, што колькі каштавала амаль год таму... Вось якія маем цэны ў левах (для лёгкасьці падлікаў можна акругляць курс эўра да лева і лічыць, што 2 лева = 1 эўра, хаця мы мянялі 1 эўра па 1,91 лева. Або лічыць 1,5 лева = 1 даляр):

Вада пітная 5 л – 1,10
Салодкі газаваны напой (у асартымэнце: спрынт, ліманад, фруктовыя смакі – вішня, сьліва, цытрон, апэльсін, маліна, груша) 3 л – 1,09
Смажаная бульба (баўг. пържени картофи) 1 порцыя (вялізная, хапае на дваіх) – 1,40
Фрыкадэлькі (баўг. кюфте) 1 порцыя – 0,90
Кебапча (тонкія смачныя каўбаскі без абалонкі, баўг. кебапче) 1 порцыя – 0,90
Сьвіныя адбіўныя (баўг. свинска пържола) 1 порцыя – 3,50
Смажаныя перцы (баўг. печена чушка) 1 порцыя – 0,40
Курынае філе (баўг. пилешко филе) 1 порцыя – 2,50
Кавалак піцы (на вагу) 170 г – 2,70
Вялізны кавалак піцы (на вагу) 252 г – 4,01
Вострыя перцы з часнаком (на вагу, баўг. салата чушки с чесън) 1 кг – 7,87 у краме “М.М. Супермаркет”, а ў краме “Младост” 7,25 салат “Апэтытны” і 8,03 салат “Кенар” (апошні – смачнейшы)
Морква вострая (на вагу, баўг. салата моркови чо-сон) 1 кг – 5,76
Бэкон у вакуўме (баўг. шпек наше село) 280 г – 2,76
Салямі люкс у вакуўме (баўг. салам бургас лукс) 220 г – 2,99
Вяндліна  (баўг. шунка вита) 1 кг – 9,25
Пэрсікі (баўг. праскови) 1 кг – 1,8
Агуркі карнішоны 1 кг – 1,19
Таматы 1 кг – 1,05
Нэктарын 1 кг – 1,66
Вінаград зялёны 1 кг – 1,77
Кэтчуп: Філікон клясік 1 л – 1,65, Дероні клясік 0,5 л – 1,55
Віскі “Савой” 0,5 л – 6,03
Піва “Кальтэнбэрг” 0,5 л – 0,95
Піва “Гюнтэрс” 0,5 л – 0,78
Лікёр шакалядны 0,5 л – 6,95 (Metelka) у краме “Младост” і 6,20 (Мілкі) на складзе каля крамы “М.М. Супермаркет”
Віно чырвонае “Кадарка” 0,75 л – 2,62
Віно чырвонае “Бычыная кроў” (баўг. Меча кръв) 0,75 л – 1,96 у краме “Младост” і 1,85 на складзе каля крамы “М.М. Супермаркет”
Печыва (пачак) – 1,78—2,18
Лукум лімонавы с арэхамі 140 г – 0,72
Мюсьлі 40% пладоў 500 г – 3,99
Кава “Нэскафэ класік” 100 г – 4,81
Шакаляд “Баўнці” 57 г – 0,74
Шакаляд “Натс” – 0,77
Чыпсы Lay з папрыкай 84 г – 1,35
Фісташкі салёныя 1 кг – 23,50
Хлеб 0,5 кг – 0,90
Хлеб для тостаў – 1,11

Чэкі ад цыплятаў-грыль, на жаль, не захаваліся. Але памятаю, што было зусім нядорага набыць палову цыплёнка для вячэры на дваіх.

Асабліва раю знайсьці бар-барбэкю, што месьціцца ля гатэлю “Жасьмін”, – там вельмі смачная і надзіва танная ежа, якую гатуюць з паўфабрыкатаў прама на вашых вачах, прычым вельмі хутка. Можна есьці на месцы, а можна забраць з сабою – тады вам усё акуратна складуць у пакет.

Увогуле баўгарская кухня вызначаецца сваімі славутымі прыправамі, якія абавязкова трэба купіць – можна ў крамах у звычайных пакетах, а можна ў вулічных гандляроў, якія прадаюць прыгожыя скляначкі з прыправамі, выкладзенымі ў вясёлую ўсьмешку – гэта будзе найлепшы сувэнір, які дазволіць ператварыць амаль любую несалодкую страву ў райскую ежу. Прыправы гэтыя завуцца “Шарэна сол”. Я спачатку не магла зразумець, што надае такі пікантны прысмак быццам звычайным фрыкадэлькам, але, калі панюхала шарэну сол, зразумела, у чым там разынка. Шарэна соль – гэта тое, што трэба любой гаспадыне!
IMG_5993-1

Цікава, што, нягледзячы на тое што ў Баўгарыі нават паабапал дарог расьце шмат аліўкавых дрэваў, аліўкавы алей там прадаецца толькі з Грэцыі і Гішпаніі, прычым амаль па такіх самых коштах, як і ў нас. Гэта дзіўна, бо ў Беларусі смоквы не растуць :( Такую сытуацыю трэба аднесьці на непрыемныя выдаткі чальцоўства ў Эўрасаюзе, які вырашыў, што вырабляць аліўкавы алей трэба толькі ў Грэцыі і Гішпаніі – такое будзе разьдзяленьне працы. А баўгары няхай прымаюць турыстаў і ядуць кукурузу і карнішоны. Дарэчы, невялікія агуркі з пухіркамі, вырашчаныя ў адкрытым грунце, там каштуюць значна таньней, чымсьці даўгія гладкія цяплічныя агуркі. У нас чамусьці наадварот, усе хочуць агуркі з пухіркамі, хаця асабіста я больш люблю гладкія агуркі, бо яны больш салодкія і ніколі не бываюць горкімі. А з пухіркамі – гэта для марынаваньня, яны цьвёрдыя і не разьмякчаюцца. Але гэта ўжо не пра Баўгарыю, таму, відаць, час прыпыніцца.

Аднак потым яшчэ напішу пра адпачынак на курорце Сонечны Бераг!
Tags: Баўгарыя, водгукі
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 10 comments